Новости

Дабрабыт для многіх ці галеча для ўсіх? У Рыа мы будзем выбіраць будучыню, якой для сябе хочам

Дабрабыт для многіх ці галеча для ўсіх? У Рыа мы будзем выбіраць будучыню, якой для сябе хочам

З ўсяго свету лідэры збяруцца ў Бразіліі на саміт "Рыа +20", каб вырашыць, якой будучыні мы для сябе хочам. Праз 20 гадоў пасля першага Саміту Зямлі, сёлетняя тэма - зялёная эканоміка ў кантэксце ўстойлівага развіцця і выкаранення галечы.
Чаму канферэнцыя важная і навошта імкнуцца да "зялёнай эканомікі"? Зялёная эканоміка - гэтая такая эканоміка, вынікамі якой ёсць паляпшэнне якасці жыцця людзей і забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці і ў той жа час значнае скарачэнне экалагічных рызык і экалагічнага дэфіцыту. Рост у зялёнай эканоміцы абумоўлены інвестыцыямі, якія змяншаюць ціск на навакольнае асяроддзе, і паслугамі, якія яна нам прадастаўляе, у той жа час павышаючы эфектыўнасць выкарыстання рэсурсаў і энергіі.
Прасцей кажучы, па словах афрыканскага дыпламата, гэта стратэгія нашага ўласнага выжывання. Зялёная эканоміка - гэта сродак забеспячэння ўстойлівага развіцця, гэта стратэгія забеспячэння дабрабыту людзей і планеты на толькі сёння, але і заўтра. Не можа быць ўстойлівага развіцця без сацыяльнай справядлівасці, не можа быць росту без належнага кіравання нашымі прыроднымі рэсурсамі, ад якіх залежыць наша эканоміка. Нам патрэбнае ўстойлівае развіццё, каб забяспечыць дабрабыт для многіх замест галечы для ўсіх.
Мы зрабілі шмат, пачынаючы з 1992 года, але, відавочна, недастаткова. Мільёны па-ранейшаму галадаюць кожны дзень. Калі мы будзем выкарыстоўваць рэсурсы з цяперашняй хуткасцю, каля 2050 года нам спатрэбіцца больш за дзве такія планеты, і імкненні многіх да лепшай якасці  жыцця не будуць рэалізаваныя.
Самыя бедныя ў нашым грамадстве будуць пакутаваць больш за ўсіх, калі мы не забяспечым устойлівае выкарыстанне нашых рэсурсаў, таму што іх жыццё і дабрабыт наўпрост залежаць ад вады, зямлі, мора, лясоў і глебы. З'яўляюцца новыя і новыя выклікі, якія ўяўляюць сур'ёзную пагрозу для ўстойлівага развіцця - ад змены клімату і ўзмацнення дэфіцыту вады, ад нізкай устойлівасці ў выпадках стыхійных бедстваў да стратаў біяразнастайнасці ды экасістэм. 
Тым не менш, у нас ёсць інструменты, каб вырашаць гэтыя праблемы і ператвараць іх у магчымасці. Многія краіны могуць хутка перайсці да выкарыстання эфектыўных тэхналогій і сістэм, якія дазволяць ім выкарыстоўваць свае рэсурсы, пачынаючы ад лясоў і біялагічнай разнастайнасці да зямлі і карысных выкапняў, такім чынам, каб забяспечыць устойлівасць і падтрымліваць рост спажывання. Паміж 70 і 85% магчымасцяў для павышэння прадукцыйнасці рэсурсаў, паводле ацэнак, належаць краінам, якія развіваюцца. Краіны, якія навучацца выкарыстоўваць свой прыродны капітал разумна і ўстойліва, будуць пераможцамі заўтрашняга дня. Пераход да зялёнай эканомікі можа стварыць ад 15 да 60 млн. дадатковых працоўных месцаў на працягу наступных двух дзесяцігоддзяў і выратаваць  дзясяткі мільёнаў працоўных ад беднасці, гаворыцца ў справаздачы Міжнароднай арганізацыі працы.
Вось чаму Еўрапейскі Саюз будзе працягваць змагацца, каб вынік Рыа +20 быў канкрэтным і амбітным. Мы хочам распачаць нешта незваротнае, тое, што мела б рэальны ўплыў на жыццё людзей. У рэшце рэшт, гэта канферэнцыя тычыцца людзей, нас, нашай будучыні. Мы прапанавалі мэты і задачы па асноўных прыродных рэсурсах, якія ляжаць у аснове зялёнай эканомікі: вадзе, акіяне, зямлі і экасістэмах, лясах, аднаўляльных крыніцах энергіі і эфектыўным выкарыстанні рэсурсаў, у тым ліку адкідаў. Гэтыя мэты маюць важнае значэнне для ўстойлівага эканамічнага росту і непарыўна звязаныя з пытаннямі харчовай бяспекі, скарачэння маштабаў галечы і сацыяльнага развіцця. Гэтыя мэты заклікалі б прыватны сектар да інвестыцый, стымулявання тэхналагічных інавацый і стварэння працоўных месцаў. Адным з пажаданых вынікаў Рыа было патрабаванне да карпарацый і вялікіх прыватных кампаній  ўключаць пытанні ўстойлівага росту ў свае гадавыя справаздачы альбо тлумачыць, чаму яны гэтага не робяць. Сусветны банк ужо выступіў з цікавай ініцыятывай, паводле якой кампаніі будуць выкарыстоўваць натуральныя механізмы ўліку ў статыстыцы. Гэта можа стаць пачаткам новай рэальнасці, у якой прыродны капітал улічваецца і ўстойлівасць мае вартасць. Але відавочна, што змены не адбудуцца, пакуль кожны не прыме ў гэтым удзел. Не толькі палітыкаў трэба пераконваць - нам таксама патрэбны бізнэс, грамадзянская супольнасць і людзі як такія.
У той час як многія краіны знаходзяцца ў лепшай форме ў параўнанні тым, што было 20 гадоў таму, самыя бедныя ў свеце па-ранейшаму маюць патрэбу ў дапамозе ў атрыманні доступу да адукацыі, патрэбнай інфраструктуры ды навыкаў. Менавіта таму ЕС застаецца найбуйнейшым донарам дапамогі ў свеце. У 2011 годзе мы выдаткавалі 53 € млрд. на дапамогу ў мэтах развіцця - больш за палову дапамогі, прапанаванай ўсім светам. І мы будзем выконваць свае абяцанні. Нягледзячы на цяперашні фінансавы крызіс, краіны ЕС нядаўна пацвердзілі гэтае абавязацельства, якое можа ператварыцца ў важную дадатковую дапамогу ў мэтах развіцця да 2015 года, у тым ліку ў рамках праектаў, звязаных з вынікамі Рыа.
Так якой будучыні мы хочам для сябе? Вось адказ 17-гадовай Брытані Трылвард з Новай Зеландыі, пераможцы конкурса "Будучыня, якая нам патрэбная", якая выступіць перад удзельнікамі саміта ў Рыа: "Шчыра кажучы, я была б шчаслівая ўжо проста мець будучыню. Гарантаваную. Цяпер гэта не так." Гэта тычыцца не толькі будучыні для пакалення Брэтані і далейшых пакаленняў. Гэта тычыцца нас, нашай ўласнай будучыні, гэта яе мы ставім пад пагрозу, калі мы не ў стане вырашаць праблемы рэсурсаў, якія заканчваюцца, праблемы няўстойлівага развіцця і масавай беднасці. Давайце не будзем марнаваць сваю магчымасць выбіраць будучыню для сябе, пакуль мы яшчэ можам выбіраць.


Янэз Паточнік, Камісар ЕС па навакольным асяроддзі


К списку новостей